ЛЯСНА́Я ГАСПАДА́РКА,

галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл. Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл. Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн. га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн. га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд. м3, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн. м3, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн. м3. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн. адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс. га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн. м3 драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс. м3.

За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м3 лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс. га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс. га, у т.л. 5,5 тыс. га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 т лек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.

Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс. га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс. га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.

Літ.:

Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;

Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.

Р.Р.Паўлавец.

Да арт. Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.

т. 9, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)